12 августа 2022 г.
Лепшыя камбайнеры і экіпажы ААТ “Граніт-Агра”, якія ўжо вызначыліся на сёлетнім жніве, прымалі віншаванні ад кіраўніка раёна, райкама прафсаюза АПК і раённай арганізацыі ГА «БРСМ».


– Дзятлаўшчына перасягнула 50-працэнтны рубеж ва ўборачнай кампаніі, ураджайнасць складае больш за 42 цэнтнеры з гектара, што значна лепш за мінулагоднія паказчыкі, – агучыў лічбы сёлетняга жніва старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – У лідарах па ўраджайнасці і намалоце – ААТ “Граніт-Агра” і СГФ “АграМілк”. Усімі гаспадаркамі раёна на сёння намалочана каля 30 тысяч тон збожжа, пры гэтым трэцяя частка ўраджаю – камбайнерамі вашай гаспадаркі “Граніт-Агра”. З асаблівай радасцю і гонарам – узнагароды лепшым з лепшых.


Дыпломы і грашовыя прэміі Андрэй Уладзіміравіч уручыў адразу сямі работнікам на жніве, якія перасягнулі па намалоце парог у 1000 тон зерня: гэта камбайнавыя экіпажы ў саставе Андрэя Гукіша і Андрэя Крамянёўскага, Уладзіміра і Івана Чарняўскіх, Аляксея Лашкоўскага і Аляксандра Раманко, а таксама камбайнер Уладзімір Гукіш.






Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак павіншаваў гранітаўцаў са стабільна высокімі вынікамі на жніве:

– З году ў год “Граніт-Агра” павышае планку і паказвае ўсім выдатны прыклад працавітасці і мэтанакіраванасці. У абласным спаборніцтве вашы работнікі таксама лепшыя. Дзякуй за плённую працу!

Ён адзначыў дыпломамі, вымпеламі і падарункамі лідараў абласнога спаборніцтва. Сярод іх – Уладзімір Гукіш на камбайне “Лексіён-580” і камбайнавы экіпаж Чарняўскіх на камбайне “Джон-Дзір-9640”.


Моладзевы камбайнавы экіпаж прымаў граматы за дасягненне высокіх паказчыкаў на жніве і падарункі ад раённага камітэта ГА «БРСМ», іх прывезла першы сакратар арганізацыі Кацярына Хілімончык.


Дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур далучыўся да віншаванняў, пажадаў і надалей не збаўляць тэмп уборачнай кампаніі. Разам з адміністрацыяй гаспадаркі і прафсаюзным камітэтам ён уручыў грашовыя прэміі перадавікам жніва-2022.






Кветкі і добрыя песні хлебаробам падарылі работніцы Данілавіцкага дома культуры.









Наталля АВЯРЧУК