22 мая 2023 г.

Сёмы штогадовы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” выйшаў за межы раённага, сёлета сабраў 68 дружных, творчых, спартыўных сем’яў з розных куткоў Беларусі.
У Год міру і стварэння ён прайшоў у межах рэспубліканскай акцыі “Мая сям’я – мая краіна” пад дэвізам “Сем’і за мір і стварэнне!”.
Землякоў і гасцей свята павітаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:
– Штогадовы фестываль сямейнага адпачынку, які стаў добрай традыцыяй на Дзятлаўшчыне, накіраваны на ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў і традыцый, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Мы бачым, што мерапрыемства стала любімым у дзятлаўчан. Прыемна ўсведамляць, што наша брэндавае свята набывае маштаб міжрэгіянальнага.
Сям’я – гэта аснова дзяржавы, дзе з малаком маці чалавек упітвае свае патрыятычныя якасці, духоўнасць, культуру. Гэта месца, дзе мы чэрпаем натхненне, дзе заўсёды адчуваем моцны тыл і падтрымку. У нашым раёне 302 шматдзетныя сям’і, у якіх выхоўваюцца 974 дзіцяці – гэта трэцяя частка дзяцей раёна. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую матулям, адзначаным ордэнам Маці, на Дзятлаўшчыне іх 49.
Госцем на сямейным свяце ў Дзятлаве стаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Валерый Кавалькоў. Ён таксама павіншаваў прысутных:
– 15 мая Рэспубліка Беларусь адзначыла самае цудоўнае і цёплае свята – Дзень сям’і. Радуе, што Дзятлаўшчына таксама далучылася да рэспубліканскай акцыі “Мая сям’я – мая краіна”. Беларусы – вельмі сямейныя людзі, для 98 % насельніцтва нашай краіны сям’я з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, – адзначыў Валерый Валер’евіч. – Традыцыі любові, клопату, узаемнай павагі вельмі моцныя ў краіне, і іх трэба папулярызаваць. На сёння кожная трэцяя сям’я ў Беларусі – двухдзетная, і іх колькасць расце. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, заснаванні сямейнага капіталу, у сем’яў ёсць магчымасць атрымаць жыллёвыя і шэраг іншых ільгот. Толькі за апошнія 10 гадоў колькасць шматдзетных сем’яў павялічылася на 70 %, у Беларусі іх сёння 122 тысячы, у такіх сем’ях жыве кожны пяты маленькі беларус. Жадаю, каб у вас былі поўныя, дружныя, любячыя сем’і, каб былі магчымасць і жаданне мець шмат дзяцей. У сваю чаргу дзяржава будзе дапамагаць іх гадаваць і выхоўваць, прадастаўляючы цэлы комплекс сацыяльных гарантый.
Да віншаванняў далучылася старшыня камітэта – начальнік упраўлення пенсій і дапамогаў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аліна Варанюк:
– Ад імя Гродзенскага аблвыканкама, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне шчыра віншую вас са святам. Ад усёй душы жадаю вам міру, спакою і дабра.
Ці можа каханне “пакрыцца” серабром? Адказ на гэта пытанне ведаюць сямейныя пары, якія ідуць поруч ужо 25 гадоў і сёлета адзначаюць сваё сярэбранае вяселле. Сёлета ў ганаровай кнізе раённага аддзела ЗАГС свае подпісы пакінулі 10 “сярэбраных” сем’яў-юбіляраў. Усе яны атрымалі памятныя юбілейныя медалі ад начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алены Васкель, кветкі і падарункі — ад арганізацый, у якіх працуюць.
Авацыямі дзятлаўчане сустракалі сям’ю залатых юбіляраў – Івана Ільіча і Зою Аляксандраўну Буйко. Іх павіншавалі са святам блізкія і калегі.
У гэты дзень прымалі віншаванні прыёмныя сем’і Млынарчыкаў і Асіпук-Фатон, людзі з добрым сэрцам, яны ўзялі на сябе велізарную адказнасць за лёс і выхаванне дзяцей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, падарылі ім сваю любоў, пяшчоту, увагу і клопат.
На галоўнай сцэне арганізатары свята павіталі сем’і ўдзельнікаў фестывалю, уручылі ім духмяныя дзятлаўскія караваі і прэзенты на памяць аб сустрэчы.
Наталля АВЯРЧУК
Па матэрыялах газеты “Перамога”