04 августа 2023 г.
Аднымі з першых у раёне тысячу тон зерня новага ўраджаю перавезлі вадзіцелі ААТ “Граніт-Агра” Міхаіл Нагорны і Казімір Рысюк.

4 жніўня яны прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна, гаспадаркі, дзе працуюць, і прафсаюзаў.
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка падзякаваў аграрыям за стараннасць і плённую працу, уручыў ім дыпломы пераможцаў раённага спаборніцтва.




Словы віншавання вадзіцелям таксама адрасавалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, уручылі ім кветкі і грашовыя прэміі.


З дасягненнем першага важнага рубяжа павіншаваў аграрыяў дырэктар прадпрыемства Станіслаў Мазур. Ад прафсаюзнага камітэта ААТ “Граніт-Агра” “тысячнікі” атрымалі памятныя вымпелы і грашовыя прэміі, ад артыстаў Данілавіцкага дома культуры – добрую песню і кветкі.




Пасля гэтага лідары жніва паспяшаліся вярнуцца да працы, а Станіслаў Мазур расказаў, як ідзе ўборачная кампанія:
– Сёлета маем някепскі ўраджай, тэмпы ўборкі – на ўзроўні мінулагодніх. Калі надвор’е дазволіць, плануем “дагнаць” сярэдні абласны паказчык.

Наталля АВЯРЧУК