На Дзятлаўшчыне падведзены вынікі прафесійнага спаборніцтва на вясновых палявых работах.
Узнагароды лепшым аграрыям уручыў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

На падрыхтоўцы глебы пад яравую сяўбу лідарам з вынікам 1310 гектараў стаў механізатар ААТ “Граніт-Агра” Вадзім Масейчык, на сяўбе яравых культур – трактарыст-машыніст ТАА “РоданАграПол” Яўгеній Баканаў (739 гектараў).

Яўгеній Аляксандравіч працуе ў гаспадарцы каля трох гадоў. Пачынаў тут памочнікам камбайнера на жніве, але хутка асвоіўся і атрымаў у кіраванне сваю тэхніку, стаў сеяць, а неўзабаве быў заняты і ў культывацыі. Цяпер мужчына працуе на магутным “Джон Дзіры” з “разумнай” шматфункцыянальнай сеялкай “Bourgault FMS HD872-8” канадскай вытворчасці.

– Такой тэхнікай можна сеяць не толькі збожжавыя, але і рапс, кукурузу, – з захапленнем расказвае Яўгеній Аляксандравіч. – Яна ідзе нават па іржышчы без папярэдняй апрацоўкі глебы. Напачатку адбіваю граніцы поля, а далей толькі разварочваюся, сеялка сама паднімаецца і апускаецца на паваротах. Застаецца кантраляваць, каб усё было нармальна.
Механізатар любіць сваю работу асабліва за тое, што на працягу сезона можна папрацаваць на рознай сельскагаспадарчай тэхніцы.

– Як бачыце, машыны новыя, сучасныя. Тут ёсць камп’ютарнае кіраванне, аўтапілот, кандыцыянер і нават халадзільнік. Працаваць на такой можна ў любую спёку. Закончыцца пасяўная, не за гарамі жніво, а там хутка і новай пасяўной прычакаем, – адзначыў Яўгеній Баканаў.

Вадзім Масейчык працуе на сяўбе кукурузы, дапамагае калегам на вытворчым участку “Белагурна” ААТ “Граніт-Агра”. Больш за два дзесяцігоддзі – у гаспадарцы на палявых работах. За стараннасць і высокія вытворчыя вынікі Вадзім Уладзіміравіч сёлета атрымаў новы трактар МТЗ-3255, у якім заводам-вытворцай закладзена ўсё для камфорту вадзіцеля і нават магнітола – для выдатнага настрою, якая стала для механізатара пастаянным атрыбутам працоўнага дня.


– Працаваў на культывацыі – і адразу на сяўбу, – расказвае мужчына. – Кукурузы сеем шмат: летась толькі я адзін пасеяў больш за 900 гектараў і ў гэтым годзе планую каля паўтары тысячы. Чацвёрты год працую з італьянскай пнеўматычнай сеялкай зборкі “Біякам Тэхналогія”, яна добра сябе паказвае.

Работай механізатараў задаволена загадчыца ўчастка № 3 “Белагурна” Іна Пяткевіч:

– Маем 3000 гектараў раллі, ужо пасеялі яравыя збожжавыя, цукровыя буракі, засталіся кукуруза і грэчка. Справа ідзе актыўна, бо добрыя памагатыя. Прыязджаюць падтрымаць з 1-га і 2-га ўчасткаў Вадзім Масейчык, Пётр Паршук і іншыя механізатары, старанныя, працавітыя хлопцы. Дзякуй ім за дапамогу!

Наталля АВЯРЧУК
По материалам газеты "Перамога"