Пра гэта добра ведаюць удзельнікі жніва-2024 у ААТ “Граніт-Агра”, дзе ўборачная ідзе поўным ходам і “чыстае золата” з палёў папаўняе засекі гаспадаркі.
З тысячнымі намалотамі аграрыяў павіншавалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Нават дажджлівае надвор’е не змагло зменшыць урачыстасць моманту. Сустрэча адбылася на мехдвары, дзе да гасцей далучыліся старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ігар Кухарэвіч, дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Андрэй Падліпскі, работнікі культуры.
Заслужаныя ўзнагароды і шчырыя пажаданні далейшых поспехаў прагучалі на адрас камбайнераў і вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў, якія дасягнулі тысячы тон намалочанага або адвезенага збожжа ўраджаю-2024.

– Надвор’е крыху падводзіць, аднак па раёне ўжо ўбрана 30 % новага ўраджаю, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Нават не сумняваўся, што першыя тысячнікі з’явяцца менавіта ў вас, хаця “даганяе” СГФ “АграМілк”. Віншую з дасягненнямі, жадаю спрыяльнага надвор’я і новых поспехаў.
Андрэй Уладзіміравіч уручыў тысячнікам дыпломы раённага выканаўчага камітэта і райкама прафсаюза работнікаў АПК. Імі адзначаны старшы камбайнер Уладзімір Гукіш, камбайнавыя экіпажы Андрэя Сёмухі і Сцяпана Кобзева, Андрэя Гукіша і Андрэя Крэмянеўскага, вадзіцелі на адвозцы збожжа Яўгеній Хоміч, Казімір Рысюк, Міхаіл Нагорны.

Да віншаванняў з падзякай за выніковую працу і дыпломамі Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК далучыўся Уладзімір Казак. Ён узнагародзіў лепшых у сваіх падгрупах камбайнераў – Уладзіміра Гукіша і экіпаж Андрэя Сёмухі і Сцяпана Кобзева.



– Дзякуючы нашай з вамі зладжанай рабоце, мы падходзім да экватара жніва, – звярнуўся да пераможцаў Андрэй Падліпскі. – Віды на ўраджай-2024 някепскія, таму ёсць да чаго імкнуцца і надалей. Як стымул, прыміце грашовыя ўзнагароды ад гаспадаркі і прафкама.


– За вашымі дасягненнямі стаіць старанная і нялёгкая праца, – звярнуўся да механізатараў Ігар Кухарэвіч. – Дзякуючы вашым энергіі, цярпенню, намаганням вы робіце ўсё, каб забяспечыць харчовую бяспеку нашай краіны і з’яўляецеся яркім прыкладам для маладых. Няхай на хлебнай ніве і ў вашых дамах будзе толькі яснае надвор’е. Здароўя, дабрабыту, поспехаў і новых тысячных вынікаў.
Яшчэ паспяховыя механізатары атрымалі вымпелы “Пераможцы спаборніцтваў”, а таксама кветкі і песенны падарунак ад работнікаў культуры.

Ірына СТЫРНІК
Па матэрыялах газеты "Перамога"