Все права на любые материалы, опубликованные на сайте, защищены в соответствии законодательства об авторском праве и смежных правах. Любое использование текстовых, фото, аудио и видеоматериалов возможно только с согласия правообладателя.
Дятловская районная организации Белорусского профсоюза работников агропромышленного комплекса 2023
Нам даверана памяць. Каб мірныя людзі не гінулі ад куляў і бамбёжак
09 декабря 2024 г.
Ёсць падзеі і старонкі гісторыі, якія нельга забываць. 9 снежня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынства генацыду.
Ушанаванню іх гонару і папярэджанню падобных трагедый быў прысвечаны мітынг-рэквіем, які прайшоў на Дзятлаўшчыне каля помніка на месцы масавага расстрэлу мірных людзей у гады ваеннага ліхалецця ў гарадскім пасёлку Наваельня ва ўрочышчы, дзе раней знаходзілася льноэкспартная база.
Яго ўдзельнікамі сталі раённае кіраўніцтва на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў, пракурорскія работнікі ўсіх раёнаў Прынёмання, навучэнцы прававога класа “Юны пракурор” школы № 28 імя В. Д. Сакалоўскага горада Гродна, прадстаўнікі сілавых ведамстваў раёна, працоўных калектываў, прафсаюза, грамадскіх аб’яднанняў, мясцовыя школьнікі і жыхары.
Сусветная гісторыя не ведае прыкладаў такога мэтанакіраванага генацыду, які адбыўся ў часы Вялікай Айчыннай вайны, калі знішчаліся цэлыя народы, разам з жыхарамі дашчэнту спальваліся вёскі, мірнае насельніцтва гінула ад бамбёжак, у лагерах смерці, таму, сколькі б дзесяцігоддзяў не мінула, беларусы зноў і зноў будуць вяртацца да значнасці свята Вялікай Перамогі.
Для захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі фашызму ў ваеннае ліхалецце і пасляваенныя гады, дачы справядлівай ацэнкі дзеянням нацыстаў і іх памагатых Генеральным пракурорам Беларусі ўзбуджана і расследуецца крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа, прыняты аднайменны закон.
– На гэтым знакавым месцы кожны сантыметр зямлі прасякнуты крывёю, болем, пакутамі нашых грамадзян, бо больш за 80 гадоў таму тут бязвінна былі расстраляны дзеці, жанчыны, пажылыя людзі, – звярнуўся да прысутных пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў. – Мы, беларусы, як ніхто іншы ведаем, што такое фашызм і генацыд. За тры гады акупацыі нашай краіны канвеер знішчэння быў пастаўлены на паток, але і гэта не дапамагло зламаць гордага беларуса, у сувязі з чым фашысты прыбягалі да масавых карных акцый.
Калі на разгляд Прэзідэнту Беларусі была ўнесена прапанова аб ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа, кіраўнік нашай дзяржавы адзначыў: “Вы не ўяўляеце, з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца”. Сапраўды так, і гэта не проста тоны вывучаных архіўных спраў, але і маральны цяжар: даводзіцца расследаваць, якім менавіта чынам адбывалася знішчэнне мірнага насельніцтва – без жаху адносіцца да гэтага немагчыма. Усё, што мы можам цяпер зрабіць – шанаваць памяць загінулых, бо, калі забудзем, трагедыя паўторыцца. Нашы продкі прайшлі складаныя выпрабаванні, памяць аб якіх мы павінны перадаваць наступным пакаленням, каб яны ведалі праўду аб Вялікай Айчыннай вайне, генацыдзе беларускага народа. Мы не павінны дазволіць перапісаць гісторыю, бо ведаем, што такое фашызм і нельга дапусціць новай вайны.
Даведка: у 1942-1943 гадах кар’ер у Наваельні выкарыстоўваўся фашыстамі як месца расстрэлу мірных людзей. Найбольш масавы адбыўся восенню 1943 года нямецкімі падраздзяленнямі СС Ліды, Навагрудка, Дзятлава і паліцэйскімі камендатур Дзятлава і Наваельні. Было знішчана каля 500 мірных жыхароў. Іх партыямі падвозілі да кар’ера, дзе ўжо стаялі кулямёты. Людзі крычалі, кідаліся ў розныя бакі, іх на хаду зразалі кулямётнымі чэргамі. Пасля завяршэння расстрэлу яму з целамі засыпалі вапнай, каб замесці сляды. У наш час пры расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе на гэтым месцы знайшлі астанкі як мінімум 64 чалавек. У снежні 2022 года ў гарпасёлку адбылася ўрачыстая цырымонія іх перапахавання.
– У Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынства генацыду мы знаходзімся на адным з крывавых месцаў Дзятлаўшчыны, дзе ў перыяд акупацыі адбылося страшнае зладзейства супраць чалавецтва, – прадоўжыў тэму старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. – Мінула больш за восем дзесяцігоддзяў, але мы даведваемся ўсё аб новых злачынствах тых часоў. Побач з чыгункай тут у гады Вялікай Айчыннай вайны масава знішчалася мірнае насельніцтва. Наогул месцаў масавых пахаванняў на Дзятлаўшчыне некалькі дзясяткаў, сярод іх пахаванні ў райцэнтры, урочышчах каля вёсак Курпешы, Коцькі, у гарпасёлку Казлоўшчына. Лёс Хатыні паўтарылі сем вёсак раёна, якія былі спалены разам з жыхарамі. Асаблівы боль выклікаюць дзеянні фашысцкіх акупантаў супраць дзяцей, узгадаем, напрыклад, гісторыю дзіцячых прытулка ў Дзятлаве, інтэрнацыянальнага лагера ў Наваельні. Каб адчуць увесь трагізм, можна параўнаць: за гады ваеннага ліхалецця на Дзятлаўшчыне было знішчана больш за 20 тысяч чалавек, цяпер жа насельніцтва раёна складае каля 23 тысяч. Наша задача – не даць забыць урокі гісторыі, перайначыць гістарычныя факты на новы лад. Мы ведаем, памятаем, перадаём гэту памяць будучым пакаленням, каб больш не дапусціць падобных падзей.
Па інфармацыі пракуратуры вобласці: з моманту ўзбуджэння крымінальнай справы аб генацыдзе членамі следчай групы па Гродзенскай вобласці дапытана ў якасці пацярпелых і сведкаў звыш 4,1 тысячы грамадзян, з іх 340 вязняў канцлагераў, 323 сваякі вязняў. Устаноўлена і агледжана 36 месцаў знішчэння і пахавання мірнага насельніцтва і 42 раней невядомыя прымусовага ўтрымання (усяго па вобласці іх налічваецца 88). Устаноўлена 128 раней невядомых поўнасцю або часткова спаленых населеных пунктаў. На дзяржаўны ўлік па выніках разгляду зваротаў грамадзян і вывучэння матэрыялаў архіўных спраў пастаўлена 8 раней не ўлічаных пахаванняў.
У Вялікай Айчыннай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. Гістарычная памяць і патрыятызм – той падмурак, на якім будуецца суверэнітэт і незалежнасць любой дзяржавы. Аддаючы даніну павагі, удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да мемарыяла.
Праграму Дня памяці ахвяраў злачынства генацыду прадоўжыла наведванне народнага музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, дзе інтэрактыўную экскурсію для гасцей правялі навучэнцы і кіраўнік музея Тамара Крывеня і расказалі, як была атрымана інфармацыя і пачалося расследаванне фактаў аб расстрэлах у Новаяльнянскім кар’еры.
У знак удзячнасці за плённае супрацоўніцтва памятнае выданне “Апошнія сведкі” школьнаму музею ўручыў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго.
Навучэнцы прававога класа “Юны пракурор” школы № 28 імя В. Д. Сакалоўскага горада Гродна падзяліліся сваімі ўражаннямі ад наведвання Дзятлаўшчыны:
– Без мінулага няма будучыні. Важнасць падобных мерапрыемстваў у тым, каб атрыманая ў час іх інфармацыя, веды і ўражанні перадаваць ад пакалення да пакалення. Вельмі спадабалася сустрэча з Тамарай Крывеня, размаўляючы з ёю, мы ўзгадвалі факты ваеннай гісторыі ўласных сем’яў. Правялі паралелі паміж жыццём падрастаючага пакалення сёння і лёсамі дзяцей ліхалецця.