Усе сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да касьбы траў і закладкі сянажных траншэй.

Пераменлівае вясновае надвор’е ўнесла свае негатыўныя карэктывы ў гэты працэс, аднак аграрыі не апускаюць рукі: спяшаюцца ўбраць травы першага ўкосу, прыхопленыя начнымі замаразкамі, каб вырасталі новыя.

На палетку ААТ “Граніт-Агра” працуюць адразу два камбайны-падборшчыкі і некалькі МАЗаў на адвозцы зялёнай масы. Працэс наладжаны і ідзе без перапынкаў, за ім асабіста сочыць аграном па кормавытворчасці Раман Барадзюк:
– Касіць мы пачалі 25 мая, збіраць – учора. Ужо ўбралі плошчу 40 гектараў у Мокрай Лагчыне, сёння – у Арэшніках, павінны паспець не менш за 60. Плануем тэрмінова ўбраць усю люцэрну, каб падрасла новая, думаю, за тыдні два справімся. Затым возьмемся за ўборку траваў. Ураджай някепскі, хоць і падмарозіла. Спадзяёмся за сезон атрымаць з тысячы гектараў люцэрны каля пяці тысяч тон сенажу.
У планах – залажыць траншэі сянажнай масы на комплексах у Еленцы, Касцюках, Белагурне і Таркачах.
Сёлетні сезон кормаўборкі – першы ў працоўнай біяграфіі механізатара Дзмітрыя Масейкі. Нягледзячы на салідны стаж работы ў гаспадарцы, які налічвае больш за 21 год, за руль кормаўборачнага камбайна ён сеў упершыню:
– Моцна перажываю, каб усё атрымалася. Працую на “Ягуары-850”, які мне перадаў у спадчыну Віктар Гукіш. Тэхніка магутная, надзейная. Паціху ўцягваюся, дапамагае вопыт работы на трактары. Час ад часу датчык камбайна сігналізуе аб каменні, даводзіцца спыняцца правяраць, наладжваць. Але нічога страшнага, дзень-два – і ўсё пойдзе спрытней.


Якасць, тэмпература і вільготнасць будучых кармоў на кантролі не толькі ў спецыялістаў гаспадаркі, але і раённых службаў. Ключавыя замеры і лабараторныя пробы ў працэсе закладкі траншэі робяць работнікі Дзятлаўскай міжраённай ветэрынарнай лабараторыі – начальнік аддзела ветэрынарна-санітарнага кантролю Дзмітрый Мазура і начальнік аддзела біяхіміі і таксікалогіі Людміла Баліцкая.
– Кантралюем нарыхтоўку сянажнай масы на траншэях ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна. Ужо правяралі СГФ “АграМілк”, сёння ў ААТ “Граніт-Агра”. Згодна з першаснымі даследаваннямі, сянажная маса адпавядае ўсім нормам па вільготнасці, утрыманні каратыну, нітратаў, узроўню радыенуклідаў. Узялі пробы, каб больш глыбокія даследаванні зрабіць у лабараторыі, – адзначаюць яны.

Не менш актыўна працэс закладвання трашэі праходзіць у ААТ “Дварэц-Агра”. Як адзначыў начальнік участка Сяргей Сямашка, цяпер ідзе ўкос люцэрны, якая пацярпела ад замаразкаў:
– Пачалі ўчора, пакуль ідзе раскачка і наладка, нарыхтавалі 225 тон. Плошчы ўборкі люцэрны – больш за 500 гектараў. На падборцы залёнай масы працуе камбайн “Джон Дзір”, заўтра да яго дадасца КВК, будзем нарошчваць тэмп.

На палетках гаспадаркі каля аграгарадка Раготна прыгожа “плыве” па люцэрне новы энерганасычаны трактар МТЗ-5522 “Беларус” з магутнай касілкай КМР-9, якім кіруе маёр запасу міліцыі, а сёння – ужо вопытны механізатар з амаль 20-гадовым стажам Мікалай Марук. Па выхадзе на заслужаны адпачынак у аддзеле ўнутраных спраў ён прыйшоў у гаспадарку працаваць юрыстам, але ў хуткім часе перасеў на трактар і вельмі рады гэтаму.
– На такое прычапное і трактар магутны трэба, як гэты магутнасцю 350 кВт, іншы не пацягне: гэта тое самае, як нам даць сто кілаграмаў на плечы, – тлумачыць Мікалай Яўгеньевіч. – Тэхніка сур’ёзная – і вынік адпаведны: за поўны рабочы дзень магу скасіць да 50 гектараў. Сезон пачаўся някепска, сёння ўжо трэці дзень, ідзём стабільна. Скосім гэту люцэрну, наступная павінна весялей пайсці.
Работа ў полі найбольш радуе яго тым, што тут усё ў руках работніка – адказнасць, вынік і заработак, нават працягласць працоўнага дня.

– У сельскай гаспадарцы закон просты: хочаш зарабляць – рабі, магчымасцяў для гэтага хапае. Добра, што нават на абед не трэба адрывацца: прывозяць гарачае на поле, кормяць смачна, – завяршае размову мужчына і спяшаецца вярнуцца да сваіх заняткаў.
Наталля АВЯРЧУК