Хлебаробы Дзятлаўшчыны сёлета вырасцілі добры ўраджай, надвор’е радуе яснымі днямі, а ў табліцы жніва-2025 дадаліся новыя прозвішчы перадавікоў.
Віншаванні з першым тысячным рубяжом на гэты раз прымаў механізатар ААТ “Дварэц-Агра” Вячаслаў Кастусік.
Павіншаваць яго прыехалі старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Сіцько, генеральны дырэктар ААТ “Молочный Мир” Марына Анікеева, дырэктар Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” Андрэй Жыдко, лідар прафсаюза АПК Дзятлаўшчыны Уладзімір Казак, кіраўніцтва ААТ “Дварэц-Агра” і калектыў Дварэцкага дома культуры.
– Паважаны Вячаслаў Вячаслававіч, ад імя абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу віншуем вас з намалотам больш за тысячу тон збожжа, – звярнуўся да лідара жніва Міхаіл Сіцько. – Дзякуй вам за надзейнасць, дысцыплінаванасць, стойкасць у пераадоленні цяжкасцяў. Прыемна, што лепшымі на ўборцы становяцца прафесіяналы і сапраўдныя патрыёты роднага краю. Жадаю вам моцнага здароўя, добрага надвор’я, мірнага неба і выніку не менш за 2000 тон.
Акрамя дыпломаў і грашовай прэміі, механізатар атрымаў сімвалічны вымпел “Пераможца спаборніцтваў”, які ўпрыгожыць кабіну яго вернага камбайна.
Уладзімір Казак далучыўся да віншаванняў і ўручыў узнагароды раённага прафсаюзнага спаборніцтва на жніве.
– Браты Вячаслаў і Аляксандр Кастусікі задзейнічаны як на пасяўной кампаніі, так і на ўборцы ўраджаю. Абодва сёлета ў лідарах жніва ў раёне, і гэта вялікі гонар для нашага прадпрыемства. Дзякуй за плённую працу, а каб яна была яшчэ больш выніковай, пастараемся сёлета набыць новы збожжаўборачны камбайн, – адзначыў дырэктар ААТ “Дварэц-Агра” Дзмітрый Дожын.
Вячаслаў Кастусік на жніве ўжо больш за 20 сезонаў, чатырнаццаты з іх – на камбайне GS-12 “Палессе”. За яго плячыма нямала ўзнагарод, аднак самая дарагая – ураджай, клапатліва выгадаваны і сабраны своечасова.
– Вельмі прыемна было сёння чуць шмат добрых слоў і атрымліваць узнагароды, – кажа Вячаслаў Вячаслававіч. – У такім выніку – заслуга ўсяго калектыву ААТ “Дварэц-Агра”, агранамічнай службы і механізатараў. Хачу падзякаваць кіраўніцтву ААТ “Молочный Мир”, адміністрацыі нашага прадпрыемства, прафсаюзнай арганізацыі, а таксама сваёй жонцы і дзецям, якія разумеюць няпростую працу на зямлі і заўжды падтрымліваюць мяне.
– Які настрой на жніво?
– Баявы, пазітыўны. Радуе надвор’е, дзякуючы чаму мы змаглі ўбраць культуры, якія патрабавалі неадкладнага ўдзелу. Будзем у такім жа актыўным тэмпе і запале прадаўжаць уборачную кампанію, а ў хуткім часе – пачынаць сяўбу азімых культур.
Наталля АВЯРЧУК
Па матэрыялах газеты "Перамога"