Плённа, актыўна і вынікова шчыруюць у жніўную пару работнікі КСУП “Войневічы”. На полі плошчай 45 гектараў адразу сем камбайнаў убіраюць азімую пшаніцу. Дырэктар гаспадаркі Сяргей Францішчык гаворыць, што з такім аб’ёмам яны справяцца менш чым за дзень і пераедуць ва ўрочышча “Цагельня”.
– Ніхто не лічыцца з уласным часам, не скардзіцца на стомленасць, – дадае Сяргей Аркадзьевіч. – Апошні камбайн ад’язджае з поля пасля дзесяці гадзін вечара, але ўсе разумеюць, што кожная пагодная хвіліна дарагая. Галоўнае – убраць ураджай без стратаў. Людзі стараюцца, толькі надвор’е часам падводзіць. Спадзяюся, дзён за 10-12 справімся.
А пакуль выдалася вольная хвіліна, павіншавалі адных з лепшых працаўнікоў. Першую тысячу тон у гэтым годзе намалаціў старшы камбайнер Дзмітрый Сухецкі, па тысячы тон перавезлі вадзіцелі Цімур Альшэўскі і Андрэй Сідэнка.
– Малайцы, так трымаць! Каб былі сілы старанна і адказна працаваць і далей, каб не падводзіла тэхніка. Дабра, поспехаў вам, каб лёгка пераадольваліся ўсе цяжкасці. Дзякуй за плённую працу, – павіншавалі перадавікоў і парадавалі падарункамі Сяргей Францішчык і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП “Войневічы” Вольга Сухецкая.
Граматы і шчырыя словы віншаванняў прывёз працаўнікам старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Ён пажадаў хлебаробам здароўя, сямейнага дабрабыту, паспяховай, безаварыйнай работы, каб хутчэй скончылі ўборку і да раённых дажынак падышлі з добрымі вынікамі.
Камбайнер Дзмітрый Сухецкі падзяліўся, што гэта першая яго тысяча сёлета, было б добра выйсці і на дзве:
– Настрой цудоўны, надвор’е радуе, таму будзем працаваць. Да доўгага жніўнага дня ўжо прывыклі. Усім працаўнікам жніва жадаю поспехаў, каб не ламалася тэхніка і нажалі кожны хаця б па тысячы тон.



Вадзіцель Цімур Альшэўскі першы год за рулём МАЗа, да гэтага працаваў на трактары. Мужчына адзначыў, што будзе старацца, каб перавезці яшчэ не адну тысячу, умовы працы добрыя, таму і настрой у яго на работу станоўчы. Дадае: “Хлеб неабходна ўбіраць, ён усім патрэбны. А пакуль не ўбяром – ніякага адпачынку”.





У гэты ж дзень лепшых працаўнікоў віншавалі і ў ААТ “Дварэц-Агра”. Граматы і падарункі дырэктар таварыства Дзмітрый Дожын і прафсаюзны лідар Уладзімір Казак уручылі старшым камбайнерам Андрэю Ляўкевічу, Сяргею Ляўкевічу і Сяргею Радзюку, якія намалацілі па 1000 тон, вадзіцелям Васілію Жыху і Дзмітрыю Маліку, якія перавезлі па 2000 тон, вадзіцелю Сяргею Шыкуцю, які перавёз 1000 тон збожжа. Ім таксама пажадалі моцнага здароўя і сіл, далейшага плёну ў працы, добрых заробкаў.










Святлана ГРЫШЫНА
Фота Святланы ГРЫШЫНАЙ, Наталлі АВЯРЧУК
Па матэрыялах газеты "Перамога"