Дятловская районная профсоюзная организация Белорусского профсоюза работников агропромышленного комплекса

Новости

Все права на любые материалы, опубликованные на сайте, защищены в соответствии  законодательства об авторском праве и смежных правах.
Любое использование текстовых, фото, аудио и видеоматериалов возможно только с согласия правообладателя.


Дятловская районная организации Белорусского профсоюза работников агропромышленного комплекса 2023

23 июня 2025 г.

 

Моладзевыя праекты. На зямлі гаспадар – на сяле ўладар

Раённы этап штогадовага сямейнага сельскагаспадарчага праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Уладар сяла” сезона-2025 прайшоў на Дзятлаўшчыне. Сёлетнія выпрабаванні для самых актыўных, працавітых, крэатыўных сельскіх сем’яў раёна ладзіліся ў аграгарадку Жукоўшчына.

У творчасці і працоўных заданнях на вядзенне вясковага быту спаборнічалі пяць сямейных камандаў: Вайтушкаў з сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк”, Літвінскіх з ААТ “Граніт-Агра”, Жуйковых з КСУП “Жукоўшчына”, Дваранінаў, якія прадстаўлялі сярэднюю школу № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, Каткоўскіх – гімназію № 1 горада Дзятлава.

“Хварэлі” за ўдзельнікаў праекта і падтрымлівалі іх дружнымі апладысментамі сябры, калегі, госці свята.

Як нагадала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, моладзевы праект “Уладар сяла” скіраваны на папулярызацыю сельскагаспадарчых прафесій, захаванне сямейных і нацыянальных традыцый, замацаванне моладзі ў беларускіх вёсках і аграгарадках. На Дзятлаўшчыне яго арганізатарамі з’яўляюцца аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённыя камітэты ГА “БРСМ” і Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.

Стартавала спартыўнае сельскае свята са знаёмства і конкурсу візітовак “Давайце пазнаёмімся”. Свае сямейныя традыцыі і захапленні каманды папулярызавалі ў вершах і песнях, а таксама праз творчыя выставы.

Аднак вясковыя жыхары павінны яшчэ хутка і ўмела спраўляцца з бытавымі справамі, таму ад словаў перайшлі да рэальнага задання –  сельскай спартыўнай эстафеты, дзе дружна насілі ваду і збіралі бульбу. Сур’ёзным выпрабаваннем стаў конкурс “Дрывасек”, бо дарослым неабходна было распілаваць палена двухручнай пілой, насекчы і скласці дровы. Затым разам з дзецьмі прыступілі да назапашвання на зіму садавіны.

Каб у канкурсантаў былі хвілінкі “перавесці дух”, а ў журы – ацаніць іх спрыт і старанне, сваімі песнямі, жартамі і музычнымі падарункамі ўдзельнікаў сельскага свята радавалі работнікі культуры.

Яркім і доўгачаканым момантам сустрэчы стала цырымонія ўзнагароджання.

– Старанняў у час іспытаў прыкладзена шмат, дзякуй вам за актыўнасць і падрыхтоўку, – падзякаваў удзельнікам Уладзімір Казак. – Адрозненне паміж вынікамі невялікае: літаральна адзін-два балы, таму прайграўшых няма – усе прызёры. Віншую вас!

Абсалютнымі пераможцамі, уладальнікамі тытула “Уладар сяла” і дыплома І ступені сталі Літвінскія. На другой ступені п’едэстала аказаліся сем’і Вайтушкаў і Каткоўскіх. Пачэснае трэцяе месца заваявалі Двараніны і Жуйковы. Сем’і атрымалі падарункі ад арганізатараў раённага этапу праекта і прадпрыемстваў, дзе працуюць.

– Нягледзячы на дождж, настрой цудоўны, – падзяліліся ўражаннямі ад перамогі Вольга і Яўген Літвінскія. – Гэта трэці раз, калі ўдзельнічаем у раённым этапе праекта, і ўсе тры разы – вынікова. Два гады таму занялі другое месца, летась і сёлета заваявалі раённую перамогу. Рыхтаваліся старанна, праўда, не вельмі доўга – дапамагаў ранейшы вопыт. Упэўнены, што абласны этап будзе складаны, бо там збяруцца лепшыя з лепшых сем’яў Прынёмання, тым не менш, мы гатовы скласці ім канкурэнцыю і абараняць гонар Дзятлаўшчыны.

Абласны этап-2025 моладзевага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” пройдзе 26 чэрвеня. Мяркуецца, што Дзятлаўшчыну на ім прадставяць раённыя лідары.

Ірына СТЫРНІК

Па матэрыялах газеты "Перамога"

Ссылка: https://diatlovonews.by


Вернуться в раздел Новости