Новости
Все права на любые материалы, опубликованные на сайте, защищены в соответствии законодательства об авторском праве и смежных правах.
Любое использование текстовых, фото, аудио и видеоматериалов возможно только с согласия правообладателя.
Дятловская районная организации Белорусского профсоюза работников агропромышленного комплекса 2023

Сёлетняе жніво – выпрабаванне на трываласць не толькі для механізатараў і тэхнікі, але і для інжынерна-агранамічнай службы, ад хуткіх і правільных рашэнняў якой залежыць вынік усёй работы.
Пра тое, як у ААТ “Дварэц-Агра” наладжана ўборачная кампанія, расказаў намеснік дырэктара Дзяніс Тамкевіч:

– У гаспадарцы было пасеяна 1,5 тысячы гектараў азімых збожжавых культур, яравы клін – 130 га ячменю, 100 га пшаніцы, 50 га аўса, а таксама 440 га азімага рапсу. Ураджай сёлета вырасцілі дастойны, аднак убраць яго будзе надзвычай няпроста. Сёлетняя кампанія не падобная на папярэднія: тэрміны ўборкі змясціліся на два тыдні, цяпер практычна ўсе культуры паспяваюць адначасова, усё гэта ўскладняецца пераменлівымі ўмовамі надвор’я, якія замаруджваюць нават перамяшчэнне тэхнікі на палетках. Выкарыстоўваем кожнае “акно” з добрым надвор’ем, выстройваем уборачны канвеер для зручнасці, хуткасці і мінімалізацыі страт у час уборкі ўраджаю. Таксама прымяняем нестандартныя метады арганізацыі рабочага часу: практычна ўсе механізатары, занятыя на жніве, акрамя гэтага, працуюць на энерганасычаных трактарах з прычапной тэхнікай.

Дзяніс Зянонавіч расказаў, што, каб у надзённых умовах надвор’я атрымаць зерне прымальнай вільготнасці, агранамічная служба прадпрыемства шырока прымяняла дэсікацыю – уносіла прэпараты, якія падсушваюць пасевы на корані. Гэта дазволіла павялічыць прадукцыйнасць уборкі і малаціць больш сухое зерне, тым самым змяншаючы нагрузку і выдаткі на сушыльны комплекс.
Сабранае збожжа паступае на два збожжасушыльныя комплексы КЗСВ-30, адзін з якіх задзейнічаны на дасушванні насення, другі – на сушцы піваварнага ячменю. Пасля ўзгаднення ён адразу ж будзе здадзены ў залік дзяржзаказу, які па гэтай культуры сёлета складае 250 тон.

На палетку каля ўрочышча Камень завяршаецца церабленне льну гатунку “лада” на плошчы 50 гектараў. Гэта толькі пачатак работ на дадзеным участку. У машынна-трактарным парку ААТ “Дварэц-Агра” ёсць увесь шлейф машын для далейшай апрацоўкі льну да выніковага прадукта, які будзе рэалізаваны на завод-перапрацоўшчык.

На ўборцы льну заняты вопытны механізатар Андрэй Сідорчык, які з году ў год выконвае ўвесь спектр работ па нарыхтоўцы “паўночнага шоўку”, як яго называюць аграрыі. Майстэрства абыходжання з гэтай капрызнай сельгаскультурай ён атрымаў за дзесяцігоддзе работы на Дварэцкім льнозаводзе і ўжо шаснаццаты год займаецца гэтай адказнай работай у сельгаспрадпрыемстве.

– Увесь сезон працую на МТЗ-82, мяняецца толькі прычапное абсталяванне, – тлумачыць механізатар. – Цяпер гэта льнокамбайн ЛК-4А. Трактар просты, надзейны, прыдатны для ўсяго комплексу ўборкі льну і некаторых іншых сельгасработ.
Работа ў полі ладзіцца актыўней і весялей разам з памочнікам механізатара паляводам Віктарам Касінскім. На пытанне, як працуецца столькі гадоў у сельскай гаспадарцы, Андрэй Расціслававіч адказвае:

– Цяжкавата, але іншай работы для сябе ўжо не ўяўляю. Мы, працаўнікі сяла, цяжкасцяў не баімся.

Стратэгічным аб’ектам жніва з’яўляюцца сушыльныя комплексы, якія ў гарачую пару працуюць кругласутачна без працяглых перапынкаў. На кожным з іх – вопытная каманда, дапамагаюць якой студатрадаўцы Дварэцкай школы.








На цэнтральным газавым сушыльным комплексе ў аграгарадку Дварэц працэсам кіруе Ірына Лішык, якая мае адказную місію: наладзіць працэс, прымаючы да ўвагі ўсе нюансы, пажаданні кіраўніцтва, агранамічнай службы ў адносінах да кожнай з культур і максімальна дакладна іх выканаць. Гэта далікатная на першы погляд і пры гэтым валявая жанчына трымае на кантролі аб’ём, якасць і вільготнасць збожжа, графік работы і вытворчую дысцыпліну, тэхніку бяспекі і ўсе форс-мажоры, якія могуць адбыцца. Жанчына спраўляецца з работай упэўнена, не губляючы аптымізму.


– Прымаем прадукцыю з поля, узважваем, вядзём дакументацыю, дапрацоўку зерня да неабходнай тэмпературы і далейшую адгрузку па месцы прызначэння, – уводзіць у курс спраў Ірына Уладзіміраўна. – У нас добры вопытны калектыў, кожны работнік ведае свае задачы без падказкі і вельмі адказна адносіцца да працэсу. Праца наладжана, сур’ёзных праблем няма. Пры гэтым усё адно я на рабоце амаль заўсёды да васьмі гадзін вечара і пастаянна “на тэлефоне” дома.


На змене – аператары Павел Гладзько, за плячыма якога больш за дзесяць гадоў стажу, і Сяргей Сіневіч, які працуе толькі другі сезон, але таксама ўжо ўсё ведае.

– Стартавалі з пачаткам жніва і будзем дзяжурыць, можа, аж да снежня, пакуль не высушым усе культуры і кукурузу, – расказаў Павел Віктаравіч. – Самае складанае ноччу, калі трэба не губляць пільнасці і змагацца са сном. Не забываць своечасова запаўняць журналы кантролю.
Па яго словах, у час напружанай работы саграваюць думкі пра дом і цёплае мора, дзе вельмі хочацца пабываць. І гэта абавязкова збудзецца, толькі ўжо пасля завяршэння сезона.









Наталля АВЯРЧУК
Па матэрыялах газеты "Перамога"
Вернуться в раздел Новости