Дятловская районная профсоюзная организация Белорусского профсоюза работников агропромышленного комплекса

Федерация профсоюзов Беларуси

-

-

Дятловское районное объединение профсоюзов

Новости

Все права на любые материалы, опубликованные на сайте, защищены в соответствии  законодательства об авторском праве и смежных правах.
Любое использование текстовых, фото, аудио и видеоматериалов возможно только с согласия правообладателя.


Дятловская районная организации Белорусского профсоюза работников агропромышленного комплекса 2023

25 ноября 2023 г.

25 лістапада ў дзень святкавання іконы Маці Божай “Міласцівая” з архіпастырскім візітам Дзятлаўшчыну наведаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі.

 

З нагоды візіту Уладыкі дзятлаўчане прыгожа аздобілі сабор Святых новамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай і падворак храма, дзе ўжо з самай раніцы было шматлюдна, – вернікі прыйшлі па архіпастырскае блаславенне і на святочную літургію.

Хлебам-соллю, кветкамі і добрымі словамі на дзятлаўскай зямлі мітрапаліта Веніяміна павіталі юныя жыхары раёна.

Удзел у святочнай службе прынялі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, дырэктар УП “Белпрафсаюзкурорт” Мікалай Мацюкевіч, кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, лідары прафсаюзных і грамадскіх аб’яднанняў.

У час набажэнства мітрапаліту Веніяміну саслужылі архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель, духавенства мітраполіі, епархіі, благачыння.

Святарства і вернікі памаліліся за мір на Зямлі, у нашай роднай Беларусі, за кіраўніцтва краіны, яе воінства, духавенства, дабрабыт, выратаванне, за паразуменне паміж людзьмі, за жывых і памерлых.

У час святочнага богаслужэння ўзгадалі гістарычную падзею звязаную з храмам: менавіта 25 лістапада 2017 года адбылося вялікае асвячэння сабора Святых новамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай. І будаўнічыя работы, якія вяліся раней, і добраўпарадкаванне храма, якое адбываецца цяпер, – усё з’яўляецца агульнай справай Царквы, духавенства, прыхаджан, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. Няма сумнення, што гэта гісторыя будзе ўпісана залатымі літарамі ў летапіс Дзятлаўшчыны.

Айцы царквы сцвярджаюць, што гісторыя – гэта ўзаемадзеянне волі Божай і волі чалавечай. Калі народ асноўвае сваё жыццё на законах духоўных, то Гасподзь уваходзіць у жыццё такога народа, дапамагае, уладкоўвае, робіць спрыяльным для людзей і знешне, і ўнутрана. Калі ж народ аддаляецца ад шляху з Богам, то Гасподзь прадастаўляе яму жыць па яго выбары. Як неаднаразова сведчыць гісторыя, у такіх выпадках людзі праходзяць праз пакуты і выпрабаванні. Усялякі ж раз, калі чалавек пераступае парог храма, яму здаецца, што ўсе пакуты засталіся звонку. Такое ўздзеянне на людзей мае Благадаць Духа Святога, дзякуючы якой кожны набывае надзею на выратаванне, на Божую дапамогу. Святары за богаслужэннем пажадалі ўсім прысутным “прынесці гэту радасць храма” ў свае сем’і, сваім блізкім.

За наведванне службы вернікам падзякаваў архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый:

– Споўнілася 6 гадоў з дня асвячэння гэтага сабора. Яго фундамент быў закладзены яшчэ да рэвалюцыі, аднак, відаць, храм раздзяліў лёс нашага народа: у бязбожныя гады не было і думкі, каб яго дабудаваць. Толькі ў наш час, дзякуючы нераўнадушным людзям, благадзецелям, настаяцелю, ён быў узведзены. Сабор гэты нейкі асаблівы. Узгадаем пасланне Іаана Багаслова, дзе гаворыцца, што пацярпелыя за Хрыста былі ў белых рызах. Сабор атрымаўся паветраны, белы, магчыма, з-за таго, што прысвечаны навамучанікам і спаведнікам нашай Царквы, якія пацярпелі за Хрыста. Сёння ж адзначаецца памяць іконы Маці Божай названай “Міласцівая”, шануемы вобраз якой, дзякуючы Міхаілу Орду, ёсць у гэтым саборы. Мы молімся Заступніцы за сябе і нашу Айчыну. А яшчэ дзякуем дарагому Уладыку Веніяміну за клопат аб Беларускай Царкве, за падтрымку справаў епархіі.

У знак павагі і пашаны архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый падарыў мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, Патрыяршаму Экзарху ўсея Беларусі шануемую ікону Божай Маці.

Аб тым, як на Дзятлаўшчыне аказалася ікона “Міласцівая” расказаў Міхаіл Орда:

– Калі я наведваў Кіпр і планавалася асвячэнне дзятлаўскага сабора, думаў, які адметны падарунак падрыхтаваць. Мітрапалітам Ісая было прынята рашэнне блаславіць на гары Ікас сюды ікону. Спачатку адкрыццё планавалася 19 лістапада, і мы не паспявалі прывезці яе, аднак па тэхнічных прычынах асвячэнне перанеслі на 25 лістапада – дзень шанавання гэтай іконы. На Кіпры мне сказалі, што гэта адпаведны знак. Ікона “Міласцівая” гаворыць нам, каб мы любілі адзін аднаго, былі цярплівымі. Сёння шмат маліліся Богу за мір, аднак многае залежыць і ад нас. Калі мы раўнадушныя і не заўважаем зла, мы яго падахвочваем, яно будзе перашкаджаць нам. Таму верце, працуйце, рабіце дабро кожны дзень.

Міхаіл Орда ўручыў Ганаровую грамату Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, залаты знак да яе і пасведчанне мітрапаліту Веніяміну, грамату ФПБ – Уладыку Гурыю, прафсаюзны знак пашаны – іерэю Іаану Кісялю.

За захаванне праваслаўных традыцый, узаемадзеянне, дапамогу і ўдзел у свяце гасцям падзякаваў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі. У якасці падарунка перадаў мітрапаліту Веніяміну разбяную драўляную ікону, зробленую майстрам з Дварца Аркадзем Сокалам, яшчэ адзін разбяны абраз, выраблены прадпрыемствам раёна, Андрэй Уладзіміравіч падарыў уладыку Гурыю, а ў сабор старшыня райвыканкама перадаў ікону Пятра Абаянскага, якая прыбыла з горада-пабраціма Курскай вобласці, з якой у Дзятлаўшчыны наладжана супрацоўніцтва.

– Адметна, што ў Дзятлава Маці Божая “Міласцівая” 6 гадоў таму “трапіла” ў дзень свайго свята, – адзначыў мітрапаліт Веніямін. – І да гэтага вобраза мы, людзі, павінны прыходзіць з асаблівым шанаваннем. Вельмі важна ў сучасным свеце звяртаць увагу на такую якасць, як міласць. Мы перажываем за тое, што адбываецца ва Украіне, што няма міру на гэтай Зямлі, штучна ствараецца сітуацыя варожасці, бачым, што адбываецца ў Палесціне. Здаецца, свет усё больш дае трэшчыну, таму трэба маліцца і быць міласцівымі.

Граматы Патрыяршага Экзарха за справы на блага Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Веніямін уручыў Міхаілу Орду і намесніку старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрыю Баравіку.

Іерэй Іаан Кісель запрасіў прысутных перайсці да Праабражэнскага храма і ўчыніць сумесную памінальную малітву за земляка архіепіскапа Мінскага і Беларускага Феафана (Семяняку). Будучы архіепіскап нарадзіўся ў Дзятлаве 19 студзеня 1879 года, скончыў Мінскае духоўнае вучылішча, Віленскую духоўную семінарыю, працаваў псаломшчыкам Барысаглебскага храма ў Накрышках. У 1905 годзе прыняў свяшчэнства, у 1930-ым, калі аўдавеў, быў пастрыжаны ў манаства, абраны на Мінскую Беларускую кафедру, якой кіраваў да 1935 года, двойчы яго арыштоўвалі, урэшце ў 1937 годзе архіепіскап быў расстраляны за веру ў Хабараўску, а ў 1990-ым – рэабілітаваны.

Мітрапаліт Веніямін правёў памінальную малітву і асвяціў памятную дошку ў гонар Феафана Семянякі.

 

Ірына СТЫРНІК

Па матэрыялах газеты "Перамога"



Вернуться в раздел Новости