Дятловская районная профсоюзная организация Белорусского профсоюза работников агропромышленного комплекса

Федерация профсоюзов Беларуси

-

-

Дятловское районное объединение профсоюзов

Новости

Все права на любые материалы, опубликованные на сайте, защищены в соответствии  законодательства об авторском праве и смежных правах.
Любое использование текстовых, фото, аудио и видеоматериалов возможно только с согласия правообладателя.


Дятловская районная организации Белорусского профсоюза работников агропромышленного комплекса 2023

16 апреля 2024 г.

 

Шчырыя, руплівыя, адкрытыя людзі працуюць у сельгаспрадпрыемствах Дзятлаўшчыны.

І пакуль аграрыі раёна заўзята сеюць будучы ўраджай, на жывёлагадоўчых комплексах ідзе мерная, не такая відавочная, але бесперапынная праца.

Завяршаецца акцыя “Наш жывёлавод”, у межах якой адзначаецца ўклад у сельскую гаспадарку раёна працаўнікоў жывёлагадоўлі. Сярод лепшых з лепшых сёлета наш раён на абласным узроўні наш раён прадставіць аператар машыннага даення з 31-гадовым стажам Галіна Ходар з ААТ “Граніт-Агра”, якая адзначана падзякай міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.

– Галіна Аляксандраўна працуе на малочнатаварным комплексе “Таркачы”, дзе абслугоўваюцца 709 кароў. За 2023 год валавы надой малака на комплексе склаў 5174,8 тоны, што на 107,9 тоны больш за мінулагодні ўзровень, сярэдні надой малака ад каровы склаў 7669 кілаграмаў, – паведамляюць ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання.

За гэтымі лічбамі – цэлае жыццё, прысвечанае вёсцы і любімай справе, адданасць сваёй прафесіі, стараннасць, клопат, ранкі і вечары на рабоце і моцная воля, якая дапамагае працаваць адказна і вынікова.

Для Галіны Ходар Таркачы – родная старонка, дзе нарадзілася і вырасла ў вясковай сям’і, з дзяцінства натхняючыся хараством прыроды і спасцігаючы нялёгкія сельскія клопаты. Бацька працаваў у гаспадарцы трактарыстам, мама – паляводам, дачка таксама цягнулася за імі, дапамагала.

Пасля заканчэння школы яна паспрабавала сябе ў прафесіі повара, атрымала адукацыю ў Гродзенскім прафтэхвучылішчы. У Гродне жыла, працавала, стварыла сям’ю і нарадзіла дваіх сыноў. Але не прыйшоўся даспадобы вялікі горад, душа прасілася дадому. У 1993 годзе разам з мужам і дзецьмі жанчына вярнулася ў родныя Таркачы, уладкавалася ў тады яшчэ калгас “Беларусь” (з 2003 года – СВК “Граніт-Агра”) аператарам машыннага даення. Тут ім далі калгасны дом і дапамаглі абжыцца.

Сёння Галіна Аляксандраўна – самая вопытная работніца ў невялікім дружным калектыве МТК “Таркачы”. Яна можа расказаць маладым напарніцам, як шмат змянілася на комплексе з тае пары.

– У тыя часы вельмі многа рабілі рукамі: кармілі кароў – раздавалі буракі або бульбу, чысцілі жывёлін таксама рукамі – кожны свае групы, клалі посцілку, – узгадвае жанчына. – Цяпер галоўная задача аператара – акуратна апрацаваць сурвэтачкай, падрыхтаваць да дойкі карову, падключыць абсталяванне і здаць прадукцыю ў рэалізацыю.

І ўсё ж работа на комплексе не з лёгкіх. Каб утраіх за змену падрыхтаваць і падаіць больш за 700 кароў, аператары дапамагаюць адна адной, раздзяляюць функцыі, каб рукі не так моцна стамляліся ў час аднастайнай работы. Працуюць не “для галачкі”, а на вынік.

– Імкнёмся даваць як мага больш малака гатункам “Экстра”. Не марнуем час, бо кожная хвілінка – наш заробак. А калі не імкнуцца да лепшага, то навошта працаваць? – тлумачыць Галіна Ходар.

Галіну Аляксандраўну радуе, што не змяншаецца інтарэс да сельскагаспадарчай работы: прыязджаюць у “Граніт” працаваць маладыя людзі, а нярэдка і цэлыя сем’і.

– Пажылыя ідуць на заслужаны адпачынак, на змену прыходзяць маладыя: ёсць каму справу перадаваць, – кажа яна. – Так, работа няпростая, але прывыклі, ужо ведаем, калі, што і як рабіць.

Аддушынай, радасцю і падтрымкай для жанчыны з’яўляецца яе сям’я. Галіна Аляксандраўна раз-пораз узгадвае свае кулінарныя захапленні і радуе родных прысмакамі. Разляцеліся з бацькоўскага дома, стварылі свае сем’і тры сыны: малодшы – у Мінску, старэйшыя працуюць на Дзятлаўшчыне, стараюцца часцей наведваць бацькоўскі дом, прывозіць унукаў да бабулі з дзядулем.

– Усе любяць матуліны гасцінцы, – расказвае жанчына з цёплай усмешкай. – Мне ў радасць унучанят папесціць печывам, а дзеці вельмі хваляць мясныя стравы ў маім выкананні. Кажуць, нідзе няма такіх смачных адбіўных і катлет, заўжды на святочным стале мясны салат.

Гады ідуць, а Галіна Ходар захоўвае бадзёрасць духу і пазітыў. Нягледзячы на тое, што жыве далекавата ад комплекса, двойчы на дзень туды і назад ходзіць пешшу. Ужо цяпер выбірае ўбранне для паездкі ў Гродна, хвалюецца.

– Не кожны ж дзень выязджаю на такія важныя сустрэчы, вядома, перажыванне ёсць і немалое, – прызнаецца жанчына. – Але больш прыемна, што працу жывёлаводаў заўважаюць і цэняць. Рада буду пазнаёміцца з работнікамі іншых сельгаспрадпрыемстваў вобласці.

Наталля АВЯРЧУК

Па матэрыялах газеты "Перамога"



Вернуться в раздел Новости