Новости
Все права на любые материалы, опубликованные на сайте, защищены в соответствии законодательства об авторском праве и смежных правах.
Любое использование текстовых, фото, аудио и видеоматериалов возможно только с согласия правообладателя.
Дятловская районная организации Белорусского профсоюза работников агропромышленного комплекса 2023

Пераменлівы вясновы дзень з начнымі замаразкамі дыктуе свае ўмовы аграрыям, а яны не здаюцца, прымяняючы веды і майстэрства ў пасяўной кампаніі.
На палетку ва ўрочышчы Аляксандравічы працуе малады, але ўжо вопытны механізатар Аляксей Скрундзь. Гэта трэці для яго сезон на новым энерганасычаным трактары МТЗ 3522, які працуе дакладна і надзейна, пакуль праходзіў толькі планавае тэхнічнае абслугоўванне.

Па словах аграрыя, у сельгасработах яго вабіць прастор, тэхніка і магчымасць добра зарабіць.

– Ужо актыўна ўвайшлі ў новы сезон: пасеялі яравы авёс, цяпер – пшаніцу. Добра ўзаралі, унеслі ўгнаенні, цяпер нескладана праходзіць з сеялкай, – расказвае ён. – Настрой на пасяўную кампанію адпаведны надвор’ю, пазітыўны. Тым больш што расцэнкі на сельгасработы ў гаспадарцы паднялі, значыць, будзе добры заробак.


Паралельна з сяўбой на полі ідзе збор камення, разам з рабочымі на трактары працуе яшчэ адзін малады трактарыст-машыніст Арцём Трусевіч. Ён скончыў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж па спецыяльнасці “электрагазазваршчык, вадзіцель катэгорыі С”, прыехаў у наш раён з самой Астравеччыны спецыяльна, каб працаваць у сельскай гаспадарцы, прадаўжаць справу бацькі, але быць самастойным.

– Я тут другі год: убачыў вакансію ў інтэрнэце і вырашыў паспрабаваць сябе. Не шкадую, што прыехаў у Дзятлаўскі раён: у КСУП “Хвінявічы” прынялі добра, выдзелілі жыллё, далі для работы трактар МТЗ 82.1 “Беларус”. Старэйшыя калегі падтрымліваюць, тлумачаць рабочыя нюансы, – кажа ён. – Мне ўсё падабаецца: ёсць планы на стварэнне сям’і і далейшую работу на гэтым прадпрыемстве.


Галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Аляксандр Кугейка адзначае, што пасяўная кампанія ідзе згодна з планам і расказвае пра яе асаблівасці:

– На гэты год запланавана 275 гектараў плошчаў пад яравую сяўбу: пшаніца – 100 га, ячмень – 130 га, авёс – 20 га і зернебабовыя культуры (гарох) – 25 га. Збожжавую групу сеем поўным ходам. Авёс ужо пасеялі, прыступілі да пшаніцы з наступным падсевам люцэрны, якая будзе выкарыстана для кармавой базы. Насенне ў нас сваё, гатунак “дар’я”, першая рэпрадукцыя. Пры гэтым закупляем аналагічнае насенне эліту для абнаўлення насенневага фонду. З гэтай мэтай закупілі насенне ячменю “зубр” і аўсу “шанц”. Усе неабходныя на сёння падкормкі ўнесены, чакаем станоўчы вынік.

Як і ўсе аграрыі Дзятлаўшчыны, Аляксандр Віктаравіч выдзяляе праблему з недахопам вільгаці, якую імкліва “крадуць” начныя замаразкі. Аднак работнікі сяла не засмучаюцца: прымаюць усе меры для таго, каб атрымаць сёлета дастойны ўраджай.
Наталля АВЯРЧУК
Па матэрыялах газеты "Перамога"
Вернуться в раздел Новости